ГРАВІТАЦЫ́ЙНАЯ ПАСТАЯ́ННАЯ,

1) універсальная (кавендышава, ньютанава) гравітацыйная пастаянная — каэфіцыент прапарцыянальнасці ў законе прыцягнення Ньютана (гл. Сусветнага прыцягнення закон); адна з фундаментальных фіз. пастаянных. Абазначаецца G. Вызначана эксперыментальна Г.Кавендышам (1798) пры дапамозе круцільных вагаў. Характарызуе гравітацыйнае ўзаемадзеянне ўсіх матэрыяльных аб’ектаў (часціц і палёў) і разглядаецца як універсальная канстанта, нязменная ў часе і прасторы, незалежная ад фіз. і хім. уласцівасцей асяроддзя і гравітуючых мас. G = (6,67259 ±0,00085)·10​-11 Н·м²/кг2.

2) Гаўсава гравітацыйная пастаянная — велічыня k, звязаная з універсальнай гравітацыйнай пастаяннай суадносінамі G = k​2. Служыць для вызначэння астранамічнай адзінкі, у сістэме фундаментальных астранамічных пастаянных прынятая ў якасці адзінай асн. (умоўна нязменнай) пастаяннай (1976). Лікавае значэнне k = 0,01720209895 вызначана К.Гаўсам (1809) на аснове 3-га закона Кеплера (гл. Кеплера законы) для сістэмы Сонца—Зямля і зацверджана Міжнар. астранамічным саюзам у якасці абсалютна дакладнай канстанты (1938).

М.М.Касцюковіч.

т. 5, с. 383

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)